У Буэнас-Айрэсе ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа
23.06.2026 г.22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, у Рускім доме ў Буэнас-Айрэсе адбылося памятнае мерапрыемства, арганізаванае сумесна з дыпламатычнай місіяй Беларусі у Аргенціне.

Дата 22 чэрвеня займае асаблівае месца ў гістарычнай памяці беларускага народа. У гэты дзень 85 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая прынесла Беларусі незваротныя страты. У гады нацысцкай акупацыі загінуў кожны трэці жыхар, былі знішчаны тысячы населеных пунктаў, разбураны гарады і вёскі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел дыпламаты, прадстаўнікі беларускай і расійскай дыяспар, аргенцінскай грамадскасці, а таксама ўсе, каму дарагая памяць пра падзеі Другой сусветнай вайны. Удзельнікі адкрылі Сцяну памяці, запалілі свечкі ў памяць аб загінулых і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць усіх ахвяр вайны.

У рамках мерапрыемства кіраўнік Пасольства Беларусі ў Аргенціне Юлія Ільіна адкрыла фотавыстаўку БелТА «Жанчына. Вайна. Перамога», прысвечаную лёсам беларускіх жанчын у гады Вялікай Айчыннай вайны і іх ролі ў дасягненні Перамогі.
Адкрываючы экспазіцыю, Юлія Ільіна адзначыла мужнасць, стойкасць і самаадданасць жанчын, якія нароўні з мужчынамі абаранялі Радзіму, працавалі ў тыле, ратавалі жыцці і набліжалі Перамогу. Асаблівая ўвага была ўдзелена іх укладу ў аднаўленне разбуранай краіны ў пасляваенныя гады, а таксама захаванню гістарычнай памяці і перадачы праўды пра вайну новым пакаленням.

.jpg)
Завяршылася мерапрыемства паказам мастацкага фільма «Зорка», які распавядае пра подзвіг савецкіх разведчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Напярэдадні памятнай даты ў аргенцінскім выданні «Humo y Espejos» быў апублікаваны артыкул Юліі Ільіной «Боль кожнага трэцяга: 22 чэрвеня і памяць беларускага народа». Публікацыя прысвечана трагічным старонкам гісторыі Беларусі ў гады вайны, маштабу чалавечых страт і значэнню захавання гістарычнай праўды ў сучасным свеце.